
Адкрыцце выставы Андрэя Лянкевiча «Паганства»
Прастора КХ адчыняецца як галерэя!!
Вечар пачнецца ў 18.00 з сустрэчы з Андрэем Лянкевічам. Адкрыцце галерэі і выставы ў 19.30.
Аб выставе:
Паганства перажыло ўсе сацыяльна-палітычныя рэжымы і захавала галоўнае: асаблівую увагу да прыроды і яе шанаванне. Усякі банальны на першы погляд аб’ект, як камень, дрэва, расліна, вянок ці дарога, аказваецца надзеленым сімвалічным значэннем і адушаўляецца: прыносіць удачу, аблягчае пераход у тагасветнае жыццё, вылечвае ад хваробаў, аберагае ад ліха, дае прыгажосць, сурочыць, прадказвае будучыню. Прырода патрабуе шанавання, таму што толькі так магчымае гарманічнае і бесканфліктнае існаванне чалавека ўнутры прыроды. Чалавек сінхранізуе сваё жыццё з натуральнымі прыроднымі цыкламі, акружаючы рытуаламі лімінальныя зоны гэтага руху. І ў гэтай сувязі менавіта адлучэнне чалавека ад прыроды ў сілу канчатковай індустрыялізацыі і урбанізацыі зводзіць у нівошта як значнасць аўтэнтычных народных традыцый, гэтак і колькасць людзей, якія захоўваюць гэтыя традыцыі.
Пранікненне ў таямніцы народных традыцый і стварэнне незвычайнага, амаль містычнага вобразу беларускай вёскі адрозніваюць Андрэеў праект ад усяго, што рабілася дагэтуль і ў беларускай фатаграфіі, і ў фатаграфіі аб Беларусі. Перад намі не серыя псіхалагічных партрэтаў і не простая дакументацыя быту, перад намі асцярожнае і ўважлівае даследаванне цэлага культурнага пласту пры адмысловым ухіленні ад рознага роду палітызацыі, якая стала ўжо тыповай пры асвятленні беларускіх тэм. “Я спрабаваў даць адказ на пытанне, кім мы былі і кім мы ёсць цяпер як беларусы”, — кажа Андрэй Лянкевіч. Гэтае пытанне можа задаць сабе і кожны чытач, які адкрывае кнігу. І, магчыма, уваходжанне ў свет страчаных сэнсаў дапаможа нам запоўніць пустэчы ў разуменні нашай уласнай цяпершчыны.
Святлана Паляшчук.
Праект рэалізаваны пры падтрымцы кампаніі «Будзьма Беларусамі»
Previous Event Next Event