Праект «Еўрапейскае кафэ – адкрытая прастора Еўропы» і праект «На пуці да сучаснага музея»
4 лістапада (аўторак)
19:00
Прастора КХ
(Брэст, вул. Халтурына, 2\1)
Запрашаем на публічную лекцыю Андэрса Крэйгера
«Куратарства ў еўрапейскім музеі сучаснага мастацтва: мастацтва пасля палітыкі ідэнтычнасці»
Анатацыя лектара:
«Вясной 2014 года MuHKA (Музей сучаснага мастацтва Антвэрпэна) паказаў групавую выставу «Хіба ты не ведаеш, хто я? Мастацтва пасля палітыкі ідэнтычнасці» (Do not You Know Who I Am? Art After Identity Politics). Яна стала вынікам майго супрацоўніцтва з іншым куратарам музея па імені Наў Хак (Nav Haq) з Англіі. У нас былі розныя адпраўныя кропкі для пачатку сумеснай працы над выставай. Маім асноўным жаданнем было адкрыць наш музей мастакам новага пакалення, і таму я запрасіў 13 мастакоў ва ўзросце да 35 гадоў. Нам хацелася паказаць, як некалькі пакаленняў мастакоў працуюць з тэмай ідэнтычнасці, супраціву «палітыцы ідэнтычнасці» як спосабу працы і ўспрымання. Наў запрасіў 13 мастакоў і дуэтаў, некаторыя з якіх былі старэйшыя за 35. Але ў выніку, некаторыя з «маіх» мастакоў выкарыстоўвалі выбраныя Навам тэмы і візуальныя стратэгіі, а шматлікія «яго» мастакі таксама былі наватарамі.
Але больш важным за гэтыя куратарскія нелады стаў уклад саміх мастакоў – прапарцыйна прадстаўленых мужчынамі і жанчынамі практычна з усіх частак свету: Усходняй і Заходняй Еўропы, Расіі і Сярэдняга Усходу, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Гэта таксама мае значэнне ў сучаснай выставачнай справе, асабліва ў нашым выпадку. Мастакі працавалі з вобразамі і аб’ектамі ў розных фарматах і тэхніках, якія тым не менш былі аб’яднаныя дзякуючы ідэям, канцэпцыям і гісторыям, расказаным з мінімальным выкарыстаннем мовы. Мы хацелі, каб гэтая выстава, якая заняла абодва паверхі нашага музея, уцягвала нашых наведнікаў актыўна, але не інтэрактыўна. У гэтым сэнсе можна сказаць, што яна была традыцыйнай па форме, але ўспрымалася па-іншаму. Крытыкі і прафесіяналы адзначылі, што выстава паўстала не ў выглядзе дакументацыі і каментарыя, а як першасны комплекс разнастайных візуальных і прасторавых (і ў меншай ступені тэкстуальных) фарматаў, неабходных для артыкуляцыі сучаснасці.
Я раскажу пра дэталі выставы і пакажу некаторыя працы. Папярэдне пазнаёміцца з выставай і спампаваць каталог можна на мікра-сайце afteridentity.muhka.be».
Пра лектара:
Андэрс Крэйгер (нарадзіўся ў 1965 г. у Швецыі) – з 2010 г. куратар MuHKA ў Антвэрпэне, Бельгія, з 2012 г. – адзін з рэдактараў лонданскага мастацкага часопіса «Afterall». Быў дырэктарам мастацкай акадэміі Мальмё, куратарам «Lunds konsthall» на поўдні Швецыі, чальцом каманды праграмы «European Kunsthalle» ў Кёльне.
Арганізоўваў выставы па ўсёй Еўропе як незалежны куратар, апублікаваў мноства артыкулаў у мастацкіх часопісах і каталогах, выпусціў некалькі кніг у якасці рэдактара. У 1990-я быў дырэктарам скандынаўскага інстытута сучаснага мастацтва ў Хельсінкі (NIFCA) і дырэктарам – заснавальнікам інфармацыйнага офіса Рады міністраў паўночных краін у Вільні.
Мова лекцыі: руская
Уваход вольны!