У гэтую пятніцу 25 сакавіка ў Берасці адбудзецца лекцыя заснавальніцаў галерэі «Падземка» і Ў галерэя сучаснага мастацтва / Y gallery Валянціны Кісялёвай і Ганны Чыстасердавай «Як адкрыць галерэю сучаснага мастацтва ў Беларусі».
Галерэя «Ў» – гэта ўнікальная для Беларусі арт-пляцоўка для прэзентацыі актуальнага беларускага і еўрапейскага мастацтва, якая існуе з 2009 года ў Менску. За час яе існавання тут адбыліся сотні мастацкіх выставаў і адукацыйных івэнтаў. Галерэя «Ў» стала знакавым месцам для культурнага ландшафту краіны, і яна трывала ўтрымлівае гэты статус. Падчас лекцыі вы зможаце даведацца пра гісторыю заснавання і развіцця прасторы «Ў», яе праекты і адукацыйныя праграмы, спосабы фінансавання праектаў у галіне культуры ды стратэгіі для пошуку міжнароднай супрацы.
Таксама ў сустрэчы возьмуць удзел прадстаўнікі «Дзіцячых творчых майстэрняў» – праекту галерэі «Ў», створанага для дзяцей ад 7 да 12 гадоў. Асноўная задача праекту – раскрыццё творчага патэнцыялу і развіццё вобразнага мыслення маленькага чалавека праз навучанне розным мастацкім тэхнікам, знаёмства з гісторыяй мастацтваў, мастакамі ды куратарамі. Уласна майстар-клас і адмысловая лекцыя для педагогаў і бацькоў адбудзецца наступным днём, 26 сакавіка.
Пра лектараў: Валянціна Кісялёва – дырэктарка і куратарка галерэі сучаснага мастацтва «Ў», Ганна Чыстасердава – арт-дырэктарка, менеджарка міжнародных праектаў і адукацыйных праграмаў галерэі.
Гэта другі рэгіянальны адукацыйны івэнт, зарганізаваны 34mag.net і Euroradio ў 2016 годзе. Летась у Берасці адбылася лекцыя Дзяніса Чыркі, галоўнага натхняльніка Freaky Summer party, пра тое, як зарганізаваць паспяховы гарадскі фестываль, а ў Магілёве прайшла сустрэча з Раманам Свечнікавым, вандроўнікам і аўтарам кнігі «Рома едзе». У сёлетнім студзені ў Віцебск прыязджала журналістка і даследчыца гарадской культуры Ганна Пазняк з лекцыяй «Стратэгіі і тактыкі. Што можна зрабіць у горадзе тут і цяпер, а што можна рабіць потым». Нашая прагрэсарская місія ў рэгіёны працягваецца, сачыце за анонсамі!
Лекцыя адбудзецца ў арт-прасторы «Крылы Халопа», адрас: вуліца Халтурына 2/1.
Пачатак а 19:00
Уваход вольны
Тэлефон для даведак +375298005861