prafota

На выставе “ПРАФОТА 2017” у Галерэі Прасторы КХ прадстаўлены праекты пераможцаў прэміі ў трох намінацыях.

Праект “Фота на памяць” Аляксандра Васюковіча быў прызнаны лепшым дакументальным праектам. Вольга Савіч з “Алфавітам вайны” атрымала Гран-пры ў намінацыі мастацкай фатаграфіі. У намінацыі лічбавы сторытэлінг лепшым паводле меркаваньня журы стала праца “Кожная трэцяя” Аляксандра Васюковіча і Дар’і Царык.

Прэмія ПРАФОТА заснавана культурна-адукацыйным цэнтрам ЦЭХ у 2014 годзе. ПРАФОТА выступае за стварэнне адзінай конкурснай прасторы для камунікацыі і падвышэння візуальнай пісьменнасці людзей, якія займаюцца і цікавяцца фатаграфіяй. Мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары – развіццё беларускай фатаграфіі шляхам падвышэння стандартаў сучаснай дакументальнай і арт-фатаграфіі ў Беларусі. Праз стымуляванне грамадскага інтарэсу да фатаграфіі яны імкнуцца стварыць спрыяльныя ўмовы для свабоднага абмену інфармацыяй і росту магчымасцяў для актыўнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння беларускіх фатографаў, крытыкаў і аматараў фатаграфіі.

У 2017 годзе на фатаграфічны конкурс ад беларускіх фатографаў (у тым ліку калектываў фатографаў) прымаліся фотапраекты, скончаныя ці ўпершыню апублікаваныя напрыканцы 2015 — 2016 гадах. Кожная серыя магла складацца максімум з 20 здымкаў. Спіс намінацыяў конкурсу ПРАФОТА летась пашырыўся новаю катэгорыяй: «Лічбавы сторытэлінг». На конкурс прымаліся заяўкі дакументальных фатографаў і мастакоў, а таксама творчых калектываў, якія эксперыментуюць са змяшанымі лічбавымі тэхналогіямі.
У складзе журы фатаграфічнай намінацыі былі Ганна Шпакава (старшыня журы і куратарка ПРАФОТА), Сяргей Шабохін, Нэстан Ніжарадзэ, Кім Кнопэрс, Дыдз’е дэ Фаі, Гэнрык Кастэнскаў. Журы для намінацыі «Лічбавы сторытэлінг» склалі Хасэ Баўтыста, Марыя Куркута, Гэнрык Кастэнскаў (больш падрабязныя біяграфіі членаў журы даступны на сайце http://prafota.by)

Каардынатары выставы ПРАФОТА ў Берасьці — Лізавета Міхальчук і Аляксей Талстоў.


Эксплікацыйныя тэксты да праектаў і выбраныя працы

Фотарэпартаж з адкрыцця выставы

Выбраныя публікацыі пра выставу:

https://www.facebook.com/events/2119967931387784/