Чуткі пра тое, што недзе на ўскрайку Беларусі існуе яшчэ адзін Свабодны тэатр, часам даходзілі і да Менску. Але, ізаляваныя ў сваім асяроддзі, мы амаль нічога не ведалі пра тое, што яшчэ за некалькі гадоў да з’яўлення ў сталіцы тэатру, пра які неўзабаве будзе ведаць увесь свет, у Брэсце энтузіясты, не пагаджаючыся на ўмовы знешніх і ўнутраных несвабодаў, ужо распачалі свой праект — Свабодны тэатр. Гэта быў 2001 год, і пад такою назваю яны праіснавалі дзесяць гадоў, каб зноўку паўстаць як «Крылы халопа». За гады існавання тэатрам створана каля дзясятка спектакляў, зладжаныя перформансы і хэпенінгі. Гэты калектыў стала ўдзельнічае ў Міжнародных фестывалях і воркшопах, але на афіцыйнай тэатральнай мапе Беларусі яго няма.