Спектакль «Чарнобыль» незалежнай тэатральнай групы «Крылы халопа» з Брэста (рэж. А.Гайко, вык. С. Гайдалёнак, А.Гайко, С.Гайко) — гэта першая частка іх праекта «Гісторыя Беларусі», задуманага як тэатральны шматтомнік, кожная частка якога будзе прысвечана падзеям сучаснай гісторыі краіны.
Спектакль створаны на падставе дзвюх экспедыцый у беларускую частку зоны адсялення і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, інтэрв’ю з людзьмі, якіх эвакуявалі па аварыі ў Чарнобылі, дакументаў, звязаных з наступствамі катастрофы, і матэрыялаў форумаў, прысвечаных будаўніцтву АЭС у Астраўцы. Прэм’ера спектакля адбылася ў снежні 2012 года на Міжнародным тэатральным фестывалі «Маскі» ў Познані. «Чарнобыль» быў паказаны таксама на фестывалях у Даніі і Венгайтах. Нарэшце яго змагла пабачыць і беларуская публіка: паказ адбыўся ў межах тэатральна-экалагічнага фэсту «ПРЫЗБА».